17.10.2020 09:15
Кино и концерты

Канцэрт мужчынскага хора "УНІЯ" пройдзе ў Чырвоным касцёле ў Мінску

Працягам серыі музычных малітваў за лёс Беларусі і нашага народа 17 кастрычніка стане ўнікальный канцэрт знакамітага калектыву — адноўленага беларускага мужчынскага хору “УНІЯ”.

Malitvy_Belarusi__4_i.png

Цэнтр культурных ініцыятыў “Артс КіТ” і MuzzicDom:

серыя музычных імпрэз

#МалітвыБеларусі ў Чырвоным касцёле

імя св. Сымона і св. Алены ў Мінску

17 кастрычніка 2020, 20.15

0+

Новы час / Νέα ώρα

Канцэрт мужчынскага хору “УНІЯ”

Праграма пад назвай “Новы час” будзе прысвечана ўсім, хто сваёй дзейнасцю дбае пра чалавечую духоўнасць.

Вы пачуеце духоўныя творы VI-XX стагоддзяў:

1.       "Ойча наш". Візантыйскі распеў 5-ы глас

2.       "Багародзіца". Аўтар невядомы, тэкст перавёў Ул. Мархель

3.       "Псалом пакаянны" (50-ы). Муз. К. Насаеў

4.       Псалом 116 "Алілуя, Слаўце Бога". Муз. Вацлаў з Шамотул

5.       "Разбойніка". Муз. М. Бутома

6.       "Дар міру". Муз. М. Шчаглоў-Куліковіч

7.       "Дай, добры Божа". Сл. Гірмановіча

8.       "Sanctus Benedictus". Муз. А. Літвіноўскі

9.       "Ave Maria". Муз. А. Дзюран, апр. К. Насаеў

10.   "Добра як у пана". Муз. Ст. Манюшка, сл. Я. Чачот

Салісты: Арына Аляксеева (сапрана) Юры Габрусь (арган).

Мастацкі кіраўнік і дырыжор — Павал Гонца.

Першы мужчынскі ў Беларусі хор “УНІЯ” быў створаны у 1990 г. у Мінску выбітным хормайстрам, кампазітарам і педагогам Кiрылам Насаевым (15 мая 1960 — 17 ліпеня 2018). Праваслаўныя, каталікі, уніяты, пратэстанты сабраліся разам, каб спяваць беларускія хрысціянскія песні.

У рэпертуары: манастырскiя напевы XV-XVІІ стст., рэлiгiйныя i свецкiя творы розных эпох, у тым лiку гiмны, апрацоўкi народных песень, духоўная музыка кампазiтараў XVІ-XХ стст. i сучасных аўтараў. Даволі знакамітыя выкананні хору "Ваяцкі марш" і "Пагоня".

У 1993 г. заняў першае месца на фестывалі духоўнай музыкі "Магутны Божа", у 1995 стаў лаўрэатам конкурса імя Шуберта ў Вене, даваў канцэрты ў Францыі, Бельгіі, Турцыі, Польшчы, Літве. З 1995 пры Магілёўскай філармоніі. У 1996 годзе хор запісаў праграму "Музыка Літвы і Кароны", якая была выдадзена на касетах і стала рарытэтам. У 1998 г. была выдадзена яшчэ адна ўнікальная праграма — "Беларускія маршы і песні. Лірыка змагання", прысвечаная БНР. З 2001 хор зноў працуе ў Мінску. У тым жа 2001 г. Кірыла Насаеў прыняў рашэнне аб прыпыненні дзейнасці хору, бо на пачатку 2000-х фінансаванне скончылася. Апошні канцэрт "Унія" дала ў лістападзе 2002 г. у Мінску.

У 2011 годзе хор аднавіўся дзеля аднаго канцэрта, аднак больш не выступаў і сёння адбываецца адраджэнне ўнікальнага калектыву.

У наш час падаецца асабліва важным праліць духоўны свет, аб’яднаць жыхароў нашай роднай Беларусі малітвай і высокім мастацтвам, а таксама дапамагчы тым, хто мае патрэбу ў дапамозе.

Прыбыткі ад першых трох канцэртаў серыі #МалітвыБеларусі былі накіраваныя на падтрымку Чырвонага касцёла і беларускіх дзеячаў культуры, якія пацярпелі ў апошні час… Сродкі ад правядзення наступных імпрэз таксама будуць размеркаваныя гэтым жа чынам.

Мінімальны кошт квітка — 10 рублёў, але вы можаце зрабіць данацыю і больш. Кошт квітка не залежыць ад месца, якое вы зоймеце (свабодная рассадка), а толькі ад вашага жадання і магчымасцяў падтрымаць Чырвоны касцёл і дзеячаў культуры. Дзіцячы квіток — 5 рублёў.

Набыць квіткі магчыма анлайн на сайтах https://www.kvitki.by/ і https://smsbilet.by/, а таксама непасрэдна ў касцёле перад пачаткам канцэрта.

Колькасць месцаў абмежаваная, таму паклапаціцеся, калі ласка, аб квітках загадзя.

Таксама звяртаем вашую ўвагу на неабходнасць прытрымлівацца правілаў эпідэміялагічнай бяспекі і пераканаўча просім вас пры наяўнасці любых сімптомаў прастудных захворванняў устрымацца ад наведвання імпрэзы.

Інфалінія: +375 44 59999 06