18.11.2021 11:57
Театры и музеи

Выстава "Залатая раніца беларускага Адраджэння" адкрыецца 23 лістапада

23 лістапада ў 17.00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі "Залатая раніца беларускага Адраджэння".

Наведвальнікі пазнаёмяцца з беларускім друкам таго часу, з мастацкімі творамі юбіляраў, даведаюцца пра тое, як "віравала" тэатральнае жыццё.

На экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы з фондаў музея, Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, выкарыстаны электронныя копіі часопісаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Дзесяцігоддзе 20-30-х гадоў ХХ ст. – адна з самых яскравых старонак у гісторыі Беларусі. На хвалі часу шырокага рэвалюцыйнага ўздыму ў беларускую літаратуру ўліваецца цэлая плеяда маладых пісьменнікаў, паэтаў, крытыкаў. Гэты час быў вельмі спрыяльны для развіцця нацыянальнай культуры і навукі, яго называюць "залатой раніцай" беларускага адраджэння.

У 1920 годзе быў адкрыты Беларускі педтэхнікум – "сад-гадавальнік" беларускіх пісьменнікаў. У 1921 – адчыніліся дзверы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У гэты час былі арганізаваны вядучыя тэатры – беларускія, польскі і яўрэйскі. У 1926 годзе па аповесці Міхася Чарота "Свінапас" здымаецца першая беларуская кінастужка "Лясная быль".

Развіццё перыядычнага друку ў Беларусі аказала значны ўплыў на станаўленне літаратуры і мастацтва. У газетах "Савецкая Беларусь", "Чырвоная змена", "Звязда", "Літаратара і мастацтва" "Беларуская вёска" і іншых друкаваліся творы выдатных беларускіх пісьменнікаў. Сярод супрацоўнікаў рэдакцый было нямала паэтаў і празаікаў. Папулярныя часопісы тых гадоў: "Маладняк", "Узвышша", "Полымя", "Іскры Ільіча", "Штэрн" і інш.

Выстава будзе дзейнічаць па 31 студзеня 2022 года.

Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М.Багдановіча, 13).