12.02.2020 18:57
Культура

100 тыс гледачоў, 430 спектакляў i 515% экспарта паслуг: у Купалаўскім падвялi вынiкi-2019

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы падзялiўся з www.interfax.by некаторымi вынікамi творчай і фінансава-эканамічнай дзейнасці за мiнуўшы год. Так, у тэатры адзначылi павялiчэнне ўласных даходаў i колькасцi гледачоў на спектаклях…

430 спектакляў у 2019 годзе прадставіў Купалаўскі тэатр у Беларусі і па-за межамі краіны

У 2019 годзе Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прадставіў гледачу 430 паказаў спектакляў на Галоўнай і Камернай сцэнах тэатра. Акрамя гэтага, адбылося 34 паказы па-за межамі тэатра, якія былі прадстаўлены ў Доме афіцэраў і на іншых пляцоўках сталіцы, а таксама ў 10 гарадах Беларусі – Брэст, Пінск, Калінкавічы, Гомель, Слонім, Маладзечна, Гродна, Бабруйск, Ліда, Салігорск. Рост колькасці спектакляў Купалаўскага тэатра за 2019 год склаў 120% у параўнанні з 2018 годам.

Упершыню за апошнія гады колькасць гледачоў Купалаўскага тэатра перавысіла 100-тысячны рубеж

Колькасць гледачоў, якія наведалі Галоўную і Камерную сэны Купалаўскага тэатра склала 94 769 асоб, што забяспечыла рост колькасці на 115% у параўнанні з 2018 годам. У 2018 годзе больш за 4 000 гледачоў наведалі спектаклі Купалаўскага тэатра падчас гастроляў па гарадах Беларусі і больш за 1800 гледачоў падчас замежных гастроляў.

На працягу 2019 года і студзеня 2020 года працягваецца рост запаўняльнасці глядацкіх заляў тэатра

Трэба адзначыць, што актыўная дзейнасць тэатра паспрыяла павялічэнню працэнта запаўняльнасці заляў Галоўнай і Камернай сцэны: у 2019 годзе запаўняльнасць склала 84%, у 2018 годзе – 81%. У студзені бягучага году сярэдняя запаўняльнасць заляў перавысіла 98%. Варта таксама адзначыць, што на люты 2020 года ўжо прададзена 83% квіткоў.

Па выніках 2019 года на 130% павялічыліся ўласныя даходы тэатра

На 130% павялічыліся ўласныя даходы тэатра ў параўнанні з 2018 годам. На 132% павялічыўся даход ад рэалізацыі квіткоў на праведзеныя тэатрам культурныя мерапрыемствы (спектаклі і музычныя вечары). Адзначаны значны рост экспарта паслуг, аказаных тэатрам на працягу 2019 года, які склаў 515% і дасягнуў сумы Br229 700. Таксама адбыўся значны рост атрыманых даходаў па дамовах рэкламнага абслугоўвання і спонсарскай дапамогі тэатру, якая павялічылася ў 10 разоў і склала Br204 500. Тэатр адзначае і рост дзяржаўнай падтрымкі з боку міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на дзейнасць галоўнага драматычнага тэатра краіны на 112%, што забяспечыла фінансаванне 52% агульнага бюджэту тэатра з дзяржаўных крыніц і 48% з па-за бюджэтных крыніц.

У выніку гэта дазволіла павялічыць сярэдні заробак за мінулы год для работнікаў тэатра, які склаў Br968,08 з улікам выплаты адпаведных плацяжоў у бюджэт і фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Для артыстаў тэатра сярэдні заробак склаў Br1 089. Пры гэтым за снежань 2019 года сярэдні заробак склаў Br1 416.

Замежная дзейнасць Купалаўскага тэатра

Значна ўзрасла колькасць мерапрыемстваў тэатра, праведзеных па-за межамі Беларусі. Так, на працягу 2019 года Купалаўскі тэатр правёў за мяжой 6 паказаў спектакляў (Бранск, Гданьск, Беласток, Парыж), а ў студзені 2020 года адбыліся два паказы ў Вільнюсе і Маскве.

Высокі творчы ўзровень тэатральных пастановак з’яўляецца падставай для значнага росту наведвання спектакляў Купалаўскага тэатра гледачамі ў 2019 годзе і на працягу 2020 года

Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца спектаклі, продаж квіткоў на якія складае 100%, – “Рэвізор”, “Кароль Лір” і “Ноч на каляды” ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Пінігіна, “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” рэжысёра Алены Ганум, “Паўлінка”, якая ў снежні 2019 атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці краіны. Значным попытам карыстаюцца і пастаноўкі на Камерный сцэне тэатра, найбольш наведвальнымі з іх з’яўляюцца спектаклі “Радзіва Прудок” і “Першы” Рамана Падалякі, на якія таксама продаж складае 100% квіткоў. Поўную запаўняльнасць залі ў студзені 2020 года таксама паказалі спектаклі “Местачковае кабарэ”, “Людзі на балоце”, “Дзве душы”, “Чорная панна Нясвіжа”, “Пінская шляхта”.