25.02.2020 18:19
Культура

Купалаўскую "Паўлінку" у Наваполацку наведала рэкордная колькасць гледачоў

Паказ спектакля “Паўлінка” ў Наваполацку наведала больш за 610 гледачоў. Разам з паказам спектакля на Галоўнай сцэне ў Мінску агульная колькасць склала 950 гледачоў.

лгз.jpg

Спектакль “Паўлінка” паводле аднайменнай п'есы славутага беларускага песняра Янкі Купалы ў пастаноўцы Льва Літвінава – сапраўдны сімвал беларускага нацыянальнага тэатра. У багатым рэпертуары Купалаўскага тэатра “Паўлінка” заўсёды стаіць асобна. Найстарэйшы спектакль тэатра карыстаецца вялікай любоўю гледачоў і за доўгія гады свайго існавання ператварыўся ў сапраўдную візітоўку, сімвал Купалаўскай сцэны. Сакрэт такога ўнікальнага поспеху – у спалучэнні яскравых народных характараў, цікавага сюжету, народных песень і танцаў, мілагучнай мовы класіка беларускай літаратуры і выдатнага майстэрства выканаўцаў. За час існавання спектакля ўдзел у ім бралі некалькі пакаленняў найлепшых артыстаў краіны, а сам ён стаў сапраўднай школай сцэнічнага майстэрства. І менавіта гэтай пастаноўкай у Купалаўскім тэатры штогод адкрываецца новы сезон. Прэм’ера спектакля ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Льва Літвінава адбылася ў 1944 годзе ў горадзе Томску, дзе тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі.

“Паўлінка” заўсёды ўспрымаецца вельмі цёпла, і наваполацкі глядач не стаў выключэннем. Спектакль, які нядаўна быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, напоўнены нацыянальным каларытам і сакавітым народным гумарам.

Наступны гастрольны паказ “Паўлінкі” адбудзецца амаль праз месяц, 22 красавіка на сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра.

На фота: купалаўцаў падчас гастроляў у Наваполацку (аўтар - Марта Голубева).