Міжнародны дзень роднай мовы нагадвае аб выключнай важнасці яе захавання – Дапкюнас

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас адзначыў неабходнасць захавання і развіцця роднай мовы, паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.

"Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас у сваім прывітальным слове зазначыў, што Міжнародны дзень роднай мовы нагадвае аб выключнай важнасці захавання і развіцця роднай мовы", - паведамілі ў міністэрстве.

Урачыстае мерапрыемтсва, прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы, адбылося 21 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Святочная імпрэза, арганізаваная міністэрствам замежных спраў, Нацыянальнай камісіяй па справах ЮНЕСКА, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і кампаніяй А1, была прысвечана тэме малой радзімы.

А.Дапкюнас падкрэсліў, што любоў да роднага слова, свайго народа і зямлі, шанаванне сваіх культурных і гістарычных каранёў з’яўляецца неабходнай перадумовай для паспяховай пабудовы адносінаў даверу і ўзаемаразумення паміж народамі. Па разуменні намесніка Міністра, добры дыпламат не столькі чалавек свету, колькі чалавек сваёй зямлі, які здольны сваім пачуццём, любоўю і суперажываннем аб’яднаць увесь свет у сяброўстве і згодзе.

Да ўдзельнікаў свята з прывітальным словам таксама звярнуўся дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел кіраўнікі замежных пасольстваў, прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый, члены Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, прадстаўнікі культурных, навуковых і адукацыйных устаноў.

"Больш за 30 паслоў і дыпламатаў прачыталі на родных мовах урыўкі з твораў замежных аутараў аб радзіме", - адзначылі ў МЗС.

Падчас мерапрыемства міністэрства замежных спраў прадставіла набор стыкераў на беларускай мове, які сумесна з кампаніяй “Viber” быў запушчаны да Міжнароднага дня роднай мовы.

Кампанія А1 паведаміла аб сацыяльна-культурным праекце "Мова", мэтай якога з'яўляецца пашырэнне прысутнасці беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці праз усталяванне ў беларускіх гарадах арт-інсталяцый. Вясной 2020 года ў Брэсце, Віцебску, Гродна, Гомелі, Мінску і Магілёве з'явіцца серыя інтэрактыўных скульптур з дрэва і металу, якія разам утвараюць слова “МОВА”. Кожная літара мае свой колер, які адпавядае культурным і прыродным асаблівасцям канкрэтнага рэгіёна.

Госці азнаёміліся з фотавыстаўкай “Беларусь: прыгожыя імгненні”, экспазіцыя якой распавядае аб разнастайнасці культуры і прыроды Беларусі.

Творчае выступленне фальклорнага ансамбля “Грамніцы” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў дапоўніла свята.

У якасці падарунка для ўдзельнікаў мерапрыемства міністэрства замежных спраў падрыхтавала зборнік вершаў выбітных беларускіх паэтаў, упершыню апублікаваны ў беларуска-англійскім выданні “Паэтычны скарб з Беларусі. Свята жыцця і творчасці Веры Рыч”.

Вершы беларускіх класікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча, перакладзеныя англічанкай Верай Рыч, былі прадастаўлены Беларускай бібліятэкай і музеем Францыска Скарыны ў Лондане. Кніга апублікавана выдавецтвам Hertfordshire Press па ініцыятыве Пасольства Беларусі ў Вялікабрытаніі пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця.

Кампанія А1 для гасцей свята арганізавала майстар-клас, падчас якога ўдзельнікі вырабілі сваімі рукамі ў тэхніцы стрынг-арт сувеніры з беларускай сімволікай на памяць аб мерапрыемстве.